Цэны – адна з самых актуальных тэм у грамадстве, якая датычыцца кожнага. І адна з самых абмяркоўваемых за апошні тыдзень. У краіне з 6 кастрычніка ўведзены мараторый на павышэнне цэн. Не дапусціць іх росту – даручэнне Прэзідэнта. Напярэдадні кіраўніком дзяржавы падпісана Дырэктыва №10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. У ёй сказана, што ў краіне склалася напружаная сітуацыя на спажывецкім рынку і для таго каб абараніць інтарэсы людзей, патрэбна неадкладнае і жорсткае рэагаванне на ўсіх узроўнях.
Ва Ушацкім райвыканкаме была аператыўна створана рабочая група па пытаннях цэнавага рэгулявання, у склад якой увайшлі прадстаўнікі ўлады, пракуратуры, РАУС, старшыні сельвыканкамаў, прафсаюзныя актывісты. Праведзена і нарада з суб’ектамі рэальнага сектара эканомікі раёна, сферы гандлю і паслуг. Ім дэтальна растлумачана, што ні пры якіх абставінах не дапускаецца павышэнне цэн вышэй тых, што прымяняліся па стане на 5 кастрычніка, парушэнне патрабаванняў пацягне за сабой адказнасць.
– Меры па стрымліванні цэн павінны быць прыняты ўсімі суб’ектамі гандлю, паслуг, грамадскага харчавання незалежна ад формы ўласнасці, гэта прадугледжана і Дырэктывай Прэзідэнта №10, і пастановай Саўміна №669 “Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн”, – тлумачыць намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама і кіраўнік рабочай групы Валянціна Леанідаўна Хамёнак. – Маштабныя маніторынгі, вывучэнне сітуацыі на цэнавым рынку зараз праходзяць па ўсёй краіне, актыўна ўключыліся ў работу і на Ушаччыне. Члены рабочай групы наведваюць аб’екты гандлю і паслуг, аптэкі раёна, аналізуюць магчымае змяненне цэн у параўнанні з зафіксаванымі на вызначаную дату. Інфармацыя штодня перадаецца ва ўпраўленне гандлю і паслуг аблвыканкама, пракуратуру. У нашым раёне росту цэн і парушэнняў пакуль не выяўлена.
“Для нас гэта практыка няновая. Маніторынгам цэн займаемся з 2017 года, таму ўсю методыку рэйдаў ведаю дасканала. Толькі раней рабілі гэта раз у месяц, а цяпер штодзённа, – расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка, калі на гэтым тыдні мы далучыліся да яе падчас рэйду. – Так, напрыклад, штодня накіроўваюся ў “Еўраопт” і “Дабраном”, у маім спісе 89 пазіцый найбольш значных харчовых тавараў (мясной і малочнай груп, хлебабулачныя вырабы, пладоваагароднінная прадукцыя, бакалея). Фіксую цэны, параўноўваю іх з тымі, што былі на 5 чысло. Дарэчы, у маім маршруце значацца не толькі прадуктовыя магазіны, на гэтым тыдні прасочвала цэны яшчэ і ў дзвюх прыватных аптэках, а таксама ў магазінах аўтазапчастак і “Чайнай лаўцы”.
◆ Прынятае рашэнне датычыцца і інтэрнэт-гандлю. У Беларусі зарэгістравана каля 30 тысяч інтэрнэт-магазінаў, яны пад увагай Камітэта дзяржкантролю.
– Маніторынгі будуць праводзіцца штодня, у тым ліку ў святы і выхадныя, – падкрэслівае памочнік пракурора Ушацкага раёна Вадзім Уладзіміравіч Лісаў. – У выпадку атрымання звестак аб росце цэн на які-небудзь тавар або паслугу, праваахоўнымі органамі будзе дадзена прынцыповая ацэнка парушэнню патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта №10, аж да ўзбуджэння крымінальнай справы. Дарэчы, такія факты ў вобласці ўжо ёсць.
З 7 кастрычніка ў райвыканкаме без выхадных з 8 да 17 гадзін (тэлефон – 5-86-45) працуе “гарачая лінія”, на яе паступіў 1 зварот, інфармацыя па якім правяраецца. Дарэчы, паведаміць пра рост цэн можна і праз анлайн-анкету на сайтах Федэрацыі прафсаюзаў і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Па ўсёй краіне працуе і адзіны нумар 191 Камітэта дзяржкантролю.