Паўстагоддзя на адным дыханні Палатнянае, драўлянае, сярэбранае і іншыя вяселлі прайшлі. І ў Святланы Ніканораўны і Аляксандра Дзмітрыевіча Смажанковых з аг. Мікіціха падаспела і самае іх галоўнае вяселле – залатое, якім яны з гордасцю могуць пахваліцца.
І калі астатнія даты мелі проста парадкавую нумарацыю, то сёлета Смажанковы адзначылі юбілей сумеснага жыцця. Гэта юбілей іх стварэння сям’і, шчасця і кахання. Лёс распарадзіўся так, каб гэтая пара сустрэлася і закахалася. Спачатку іх раздзяляла адлегласць – Аляксандр жа родам з Магілёўскай вобласці, а Святлана мясцовая, мікіціхінская. Аляксандр вывучыўся ў Свярдлоўску на вадзіцеля электравоза і некаторы час там працаваў на шахтах. Але са сваіх сябрам, які быў родам з Мікіціхі, дамовіліся ехаць на пастаяннае месца жыхарства на радзіму. Аляксандр уладкаваўся на чыгунку ў Віцебску і часта прыязджаў да сябра ў Мікіціху. Тут і пазнаёміліся са Святланай. Сябравалі нядоўга – месяцы тры, а потым вырашылі ажаніцца. – Як зараз, помню той дзень, калі Аляксандр паклікаў мяне замуж, – усміхаецца Святлана Ніканораўна. – Я паласкала бялізну на саджалцы, а Аляксандр гэтак смела пачаў прызнавацца: «Ведаеш, я вырашыў ажаніцца!». Я аджартавалася: «Ну, дык шчасця табе, на вяселле хоць пакліч!». «Абавязкова, без нявесты аніяк, – пачула я ў адказ. – А нявестай будеш ты. З табой думаю ажаніцца». Ад такіх неспадзяваных слоў я ледзь у ваду не звалілася разам з бялізнай. А праз некалькі тыдняў у Мікіцісе ўжо гудзела наша вяселле. Спачатку маладая сям’я жыла ў Віцебку, дзе Святлана працавала ткачыхай на шоўкавым камбінаце, потым пераехалі ў Шуміліна і ўладкаваліся на работу ў калгас імя Леніна. А калі маці Святланы спатрэбілася дапамога (бацька трагічна загінуў на дарозе), то пераехалі ў Мікіціху. Святлана ўладкавалася прадаўцом у магазін у Мазурына, а Аляксандр пайшоў працаваць у саўгас «Лаўжанскі». Спачатку рупіўся аператарам другога перыяду на жывёлагадоўчым комплексе, а потым на ферме Спаскае. Гэты працоўны перыяд быў самым запамінальным у біяграфіі Аляксандра Смажанкова. Комплекс тады быў вядомы сваімі добрымі прывагамі не толькі на ўсю вобласць, але і за яе межамі. Як перадавіка Аляксандра Дзмітрыевіча двойчы ўшаноўвалі на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве – за добрую работу ўручылі бронзавы і сярэбраны медалі. Славілася сваімі надоямі і ферма Спаскае, куды гаспадарка закупіла чорна-пярэстых кароў нямецкай і галандскай парод. І ў гэтым поспеху была і заслуга жывёлаводаў, якія своечасова кармілі і добра даглядалі жывёлу. Тадышні дырэктар саўгаса «Лаўжанскі» Пётр Іванавіч Гарбачык прапанаваў маладой сям’і Смажанковых перайсьці жыць ва ўласную трохпакаёвую кватэру. Але паставіў умову: Святлана, як і яе муж, павінны парацаваць у саўгасе. Так Смажанковы абодва апынуліся на адным сельгаспрадпрыемстве. Святлана ўладкавалася аператарам хімводаачысткі ў кацельню (на той час яна адносілася да мясцовага саўгаса). – Паўстагоддзе прайшло як на адным дыханні. Здаецца, вось яна, тая прыгожая дзяўчына, якую пакахаў за прыгожыя вочы, за сонечныя вяснушкі на твары, за статную фігуру, – усміхаецца Аляксандр Дзмітрыевіч. – Не паспелі азірнуцца, як прадаўжэнне сваё і жончына бачу ў дачцэ, дваіх сынах, у шасцярых унуках. Жыццё прайшло ў працы, у клопатах пра сям’ю, пра гаспадарку (калісьці мы трымалі тры каровы). Не кінулі займацца гаспадаркай і зараз: трымаем каня, дапамагаем сыну даглядаць карову. Самым галоўным у сямейным жыцці Смажанковы лічаць давер, павагу і паразуменне. Лічаць, што трэба ўступаць адзін аднаму, і што б ні здарылася – дапамагаць. Гэтаму вучылі і сваіх дзяцей, вучаць і ўнукаў. Як расказала дачка Ірына, бацькі яе навучылі дабрыні, шчырасці і справядлівасці. Смажанковы адзначалі залатое вяселле ў крузе родных і сяброў. Павіншавала «залатую пару» старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Святлана Кійко, пажадала дабрабыту і шчасця, а яшчэ – папаўнення ў вялікай сям’і ў выглядзе праўнукаў.
Матэрыял vitebskprofapk.by
Читайте также:
Профсоюз работников госучреждений расскажет о “Сильных духом”