З рабочым візітам Шумiлiнскi раён наведаў намеснік старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Лугаўцоў.
Ён меў на мэце сустрэцца з прафсаюзным актывам, пагаварыць аб надзённых праблемах і клопатах, па магчымасці дапамагчы. Візіт Віктара Лугаўцова на Шуміліншчыну супаў з перыядам, калі падводзіліся вынікі вясенняй сяўбы.
Прафсаюзны лідар вобласці наведаў ААТ «Прыазёрны мір», дзе па выніках раённых спаборніцтваў былі вызначаны адразу два пераможцы. Так, на падрыхтоўцы глебы да сяўбы першае месца ў раёне ў Аляксандра Раманятава, які ўзараў 1609 гектараў. А Мікалай Жыгуноў з пасяўным агрэгатам АПП-6Д засеяў 886 гектараў яравых зерневых – гэта таксама лепшы вынік.
Лідараў вясенняй пасяўной віншавалі Віктар Лугаўцоў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава. Ад райкама прафсаюза работнікаў АПК яго старшыня Вольга Пусянкова ўручыла падарункі і прэміі. «На любой рабоце была і застаецца вялікая роля кіраўніка і галоўных спецыялістаў, – адзначыў Віктар Міхайлавіч. – Але ж на пасяўной галоўным героем дня застаецца механізатар, які рана ўстае і позна кладзецца, які выконвае і перавыконвае даведзеныя нормы, дзякуючы намаганням якога мы апрацоўваем і засяваем палеткі. Усім дзякуй за плённую працу!». У гэты ж дзень у «Прыазёрным міры» павіншавалі і Яўгена Мацака, які працаваў на «Расе» і за дзень паспяваў падкарміць азотнымі ўгнаеннямі па 80-100 гектараў азімых зерневых і крыжакветных. Яўген крыху не дацягнуў да раённых пераможцаў, тым не менш працаваў рупліва і старанна, таму таксама атрымаў падзячны ліст і падарунак ад прафсаюза.