На развозцы абедаў у КУП «Захарнічы» працуе Марыя Гаўрыленка, якую задавальняюць умовы такой сезоннай занятасці. У машыне маюцца мыйныя сродкі, а таксама спецыяльныя, з утрыманнем спірту, для апрацоўкі рук механізатараў, якія харчуюцца ў полі.
Разам з вадзіцелем гаспадаркі Уладзімірам Пракоф’евым яны курсіруюць па дарогах і палях сельгаспрадпрыемства, імкнуцца як мага хутчэй накарміць механізатараў, у якіх апетыт на свежым паветры адменны!
УП «П-С «Карпекі» мае ўласную сталоўку. Тут харчуюцца не толькі працаўнікі палёў, але і спецыялісты, работнікі бухгалтэрыі. Вопытны повар Антаніна Феранец у кожную страву ўкладвае душу, і таму заўсёды чуе шчыры дзякуй за старанне.
У гэтыя дні жанчына разам з памочніцамі Святланай Сакаловай і Аленай Скрыпачовай гатуюць па 30 абедаў, летам будзе больш. Адпаведна з калектыўным дагаворам сельгаспрадпрыемства, працаўнікі аплочваюць 30% ад кошту абеду, а калі механізатар перавыконвае даведзенае заданне — харчуецца бясплатна, за кошт гаспадаркі.
Першым прыпынкам стала сталоўка ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства «Залатая ніва» — структурнага падраздзялення ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Загадчыца вытворчасці Валянціна Ламакіна з калегамі-паварамі сёлета забяспечваюць гарачым харчаваннем працаўнікоў дзвюх гаспадарак Полацкага раёна — КУП «Захарнічы» і ААТ «Полацкі аграсервіс». Яны заказваюць пакуль па 10-12 абедаў, а калі пачнуцца масавыя работы ў полі — спатрэбіцца ўжо 60.
— Асобнае меню для працаўнікоў палёў не распрацоўваецца, — зазначыла Валянціна Міхайлаўна. — У нашай стацыянарнай сталоўцы абедаюць працаўнікі ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», будаўнікі маста праз Заходнюю Дзвіну. Для ўсіх у нас аднолькавыя меню і цэны. Наколькі яно разнастайнае? Звычайна першых страў дзве-тры, гарніры 2-3, другіх страў — 10 пазіцый.
За працай мы напаткалі повараў Алену Карась і Людмілу Кулагіну. Жанчыны гатавалі піражкі з мясам. Яны расказалі, што свежая выпечка заўсёды карыстаецца попытам у кліентаў.
Звярнулі мы ўвагу на наведвальнікаў сталовай. Перад тым, як увайсці ў абедзеную залу, яны мыюць рукі з мылам і апрацоўваюць іх спецыяльным сродкам. На раздачы повары працуюць у пальчатках і ў масках, якія абараняюць дыхальныя шляхі.
Аляксандр Дабраслаўскі, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК:
— Усе 14 сельгаспрадпрыемстваў забяспечваюць удзельнікаў пасяўной гарачым харчаваннем. 7 гаспадарак маюць свае сталоўкі, дзве забяспечвае абедамі сталовая УГП «Залатая ніва», ліцэй сельгасвытворчасці гатуе абеды для сваіх механізатараў і «Э/б Ветрынская». Астатнія знайшлі партнёраў у Полацку і Полацкім раёне.
«Полоцкий вестник»