На палетках ААТ «Ляжні» ва ўрочышчы Альшанікі Шумілінскага раёна адбыліся засеўкі.
Усе сельгаспрадпрыемствы з пачаткам пасяўной павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яна падкрэсліла важнасць клопату пра чалавека працы – захаванне тэхнікі бяспекі, падвоз абедаў на поле, выдачу спецадзення, абсталяванне трактароў сродкамі індывідуальнай аховы і пажадала механізатарам паказваць добрыя вынікі падчас прафсаюзных спаборніцтваў. Усім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў Вольга Пусянкова ўручыла абярэгі, дырэктару ААТ «Ляжні» Аляксандру Папіну – каравай, які сімвалізуе багаты ўраджай.
Артысты раённага цэнтра культуры, якія падрыхтавалі і правялі сцэнарый, пажадалі кіраўнікам усіх гаспадарак і механізатарам добрага надвор’я і лёгкай пасяўной. Да гэтых жа слоў далучыўся першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Уладзімір Пушноў. Ён адзначыў, што ў раёне наперадзе напружаная работа – трэба засеяць 5454 гектары зерневых і зернебабовых. Уладзімір Сяргеевіч выказаў упэўненасць, што работа будзе плённай і якаснай.
Па старажытнай традыцыі артысты ў нацыянальных касцюмах утыкаюць у глебу сякеру, каб «адсекчы пустазелле», даруюць маці-зямельцы хлеб ды соль – каб густа раслі жыта і пшаніца.
Сельскія працаўнікі пачаставаліся караваем – няхай ён падмацуе сілы і дапаможа вырасціць важкі ўраджай.
Настаяцель храма Ануфрыя Вялікага з Обалі Уладзімір Пучынскі, які прыехаў на свята, прачытаў малітву на добры ўраджай і асвяціў зерне. Распачаць сяўбу запрасілі Уладзіміра Пушнова, кіраўнікоў і аграномаў гаспадарак. Першыя зярняткі леглі ў зямлю.
Сельскія працаўнікі пачаставаліся караваем, які прадаставіў райкам прафсаюза работнікаў АПК, – няхай ён падмацуе сілы і дапаможа вырасціць важкі ўраджай. У добры шлях! Поспехаў і працоўных перамог!
«Герой працы» [1]
Ссылки в статье:
[1] «Герой працы»: http://www.shumilino.by/