Аграрыі краіны на гэтым тыдні адолелі планку ў 4 мільёны тон зерня. Штодня кіпіць работа на залатых нівах Ушаччыны, ужо намалочана больш за 7300 тон, сярэдняя ўраджайнасць складае 31 цэнтнер з гектара.
Больш за 2 тысячы гектараў трэба ўбраць ільюшынскім працаўнікам, а ў поле сёлета выйшла ўсяго 4 камбайны КЗС-1218. Нескладана падлічыць, якая вялікая нагрузка кладзецца на кожнага з іх. Таму штодня спадзяюцца не толькі на спрыяльнае надвор’е, а і каб не падвяла тэхніка. Варта адзначыць, што ўсе механізатары працуюць без памочнікаў, а таму нагрузку можна лічыць яшчэ больш сур’ёзнай.
“Калі ў бункер добра сыплецца, дык і настрой прыўзняты, азімая пшаніца сёлета радуе, – кажа Анатоль Спірыдзёнак, без якога ўжо проста немагчыма ўявіць жніво ў ААТ “Ільюшынскі”. Дарэчы, сёлетні сезон на камбайне для яго сямнаццаты ў працоўнай кар’еры. Абсалютны пераможца мінулагодняй уборачнай кампаніі, неаднаразовы “тысячнік” і сёлета таксама настроены па-баявому – яно бачна і па Дошцы гонару – сярод усіх камбайнераў раёна ў яго пакуль самы вялікі намалот – 748 тон зерня. Але, канечне ж, не дзеля перамогі ў спаборніцтве ён стараецца кожны год, а таму што разумее, што чым раней збярэш вырашчанае – тым менш страт.
З кормаўборачнага камбайна перасеў на збожжаўборачны Мікалай Ступко, які таксама ўжо шмат сезонаў удзельнічае ў самай гарачай кампаніі, ёсць вопыт і ў Васіля Калітухі. А вось для Аляксандра Дуброўскага сёлетняе жніво дэбютнае: раней быў заняты на іншых сельскагаспадарчых работах, у гэтым годзе сеў за штурвал камбайна. Дарэчы, на самым старце захварэў і вельмі перажываў, а калі праз два дні выйшаў у поле, гул яго камбайна разносіўся па наваколлі Старога Сяла і пасля 11 гадзін вечара.
Дарэчы, менавіта са старасельскіх палеткаў распачалі жніво, тут азімая пшаніца дала больш 30 цэнтнераў. З палёў збожжа паступае на зернесушыльны комплекс у Ільюшына, які працуе ў дзве змены, каб закласці насенне ў сховішчы, а таксама пачысціць і пасушыць зерне, якое ідзе на дзяржзаказ. З адвозкай гаспадарка спраўляецца практычна самастойна: толькі адна адзінка Ушацкага філіяла прыйшла ёй на дапамогу. І калі б не аддаленыя ўчасткі, то хапіла, пэўна, і ўласных рэзерваў: з іншых работ пераключаюцца на жніво Анатоль Дайлідзёнак, Дзмітрый Бурак, а малады вадзіцель Мікалай Лунёнак на МАЗе з прычэпам нават вырваўся ў лідары. Хлопец нядаўна прыйшоў працаваць у “Ільюшынскі” і вельмі стараецца апраўдаць давер.
– Спадзяёмся, што “каравай” гэтага года будзе больш важкім, чым папярэднія. Зерневыя на палях нядрэнныя. Стараемся не губляць час і ўкладацца ў аптымальныя тэрміны, – кажа кіраўнік сельгаспрадпрыемства С.А.Халімоненка.
Падтрымалі на гэтым тыдні баявы дух працаўнікоў і прафсаюзы. У сераду старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя В.Д.Шыла наведаў з рабочай паездкай Ушацкі раён і завітаў у ААТ “Ільюшынскі”. “Як вашы справы, хлопцы? Бачна, здалёк, як у вас тут работа кіпіць! – адзначыў, вітаючыся з кожным механізатарам, Вячаслаў Дзмітрыевіч. – Хоць мы і не ваш галіновы прафсаюз, аднак вельмі ўдзячны за вашу нялёгкую работу, працуеце ад цямна да цямна, уносіце свой уклад у харчовую бяспеку краіны”. Лідар медыцынскага прафсаюза абмеркаваў з працаўнікамі сяла пытанні арганізацыі харчавання, аховы працы, заработнай платы. Таксама падкрэсліў, што прафсаюзы заўсёды гатовы выслухаць людзей і дапамагчы ў вырашэнні іх праблем. Канечне, словы падзякі былі падмацаваны каштоўнымі падарункамі. Не застаўся ўбаку ад ушанавання і абласны камітэт прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Яго старшыня Уладзімір Плыткевіч перадаў кіраўніку гаспадаркі С.А.Халімоненку 12-літровыя тэрмасы для харчовых прадуктаў – рэч неабходная як у перыяд жніва, так і іншых важных сельгасработ, калі працаўнікі падсілкоўваюцца прама ў полі.
Галоўнымі героямі жніва з’яўляюцца камбайнеры і вадзіцелі, аднак перыяд уборачнай напружаны і для астатніх працаўнікоў гаспадаркі: на зернесушылцы пастаянна дзяжураць спецыялісты, эканоміць дарагі час хлебаробаў спецыяльныя рамонтныя брыгады, якія адпраўляюцца на поле ў выпадку паломак, прама на палеткі падвозяць паліва, і, канечне, абеды. Усе ж ведаюць, што жніво – пытанне стратэгічнае.
Вольга КАМАРКОВА.