У мінулыя выхадныя райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу была арганізавана прафсаюзная паездка ў Полацк.
На экскурсійным аўтобусе ў адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі адправілася 48 чалавек з пяці сельгасарганізацый раёна, з райветстанцыі, цэха па вырошчванні птушак «Вітконпрадукт», ТАА «Вежа». «Вельмі спадабаўся Сафійскі сабор – праваслаўны і культурна-асветніцкі цэнтр, дзе мы пабывалі на канцэрце арганнай музыкі, – расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі КУСГП «Сіроцінскі» Антаніна Раманава. – Здзівіў раскошны інтэр’ер, высокія калоны і фігурныя карнізы, старадаўнія фрэскі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Барысаў камень, якія выконвае жаданні. У манастыры мы пабывалі на службе, убачылі на свае вочы, як вядзецца рэканструкцыя аднаго з будынкаў. Вельмі спадабаўся музей кнігадрукавання, дзе нам правялі цікавую экскурсію, паказалі самую вялікую кнігу на паўтары тысячы лістоў, старажытныя друкарскія станкі».
Таксама шумілінцы пабывалі і на свяце горада. Шэсце арганізацый, горад майстроў, дзіцячыя пляцоўкі, гандлёвыя рады – усё было цікавым. Напэўна, усе набылі для сябе сувеніры і падарункі родным. Адным словам, паездка, якая ўсіх аб’яднала і на якой работнікі прадпрыемстваў пазнаёміліся адзін з адным, здружыла. Па дарозе дадому ўжо абмяркоўвалі наступныя экскурсіі, на якія б хацелася ездзіць рэгулярна, бо падобныя паездкі – гэта пазітыўныя эмоцыі і зарад бадзёрасці.
Ларыса Зайцава, карэспандэнт газеты “Герой працы”