Гэта не проста выхад у поле, для хлебаробаў пасяўная кампанія – своеасаблівы пачатак сельскагаспадарчага года. Таму пачынаюць яго верхнядзвінцы традыцыйным беларускім народным абрадам «Засеўкі».
Пачатак сяўбы на гэты раз паклалі ў КУВСГП «Дрысенскі». На свежаўзараным полі каля вёскі Росіца сабраліся ўдзельнікі працоўнага рытуалу – старшыня райваканкама Васіль Шылаў, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Гарбуль, кіраўнікі і спецыялісты розных ведамстваў, службаў і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, мясцовыя культработнікі, святар, каб разам папрасіць у Госпада і зямлі-матухны прыдатнага надвор’я, спорнай работы і добрага настрою.
З пачаткам сяўбы ўдзельнікаў мерапрыемства павіншаваў старшыня райвыканкама Васіль Шылаў, а таксама старшыня раёнага прафсаюзнага камітэта работнікаў АПК Елена Зуй.
Васіль Мікалаевіч акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што росіцкая зямля, на якой літаральна кожны сантыметр напітаны крывёю ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, абрана для правядзення важнага абраду ў Год гістарычнай памяці невыпадкова. Гэта даніна памяці тым, хто адстаяў для нас права жыць у міры, гадаваць дзяцей і сеяць хлеб.
Старадаўні абрад засевак пачаўся з карагода. Затым на роўныя і моцныя ўсходы кіраўнік раёна Васіль Шылаў закапаў у зямлю ахвяру для Маці-Зямлі – хлеб, варанае яйка і грамічную свечку, а затым пасеяў асвечанае збожжа. Яго намеснік Аляксей Гарбуль на добрае і спрыяльнае надвор’е рассыпаў яшчэ цёплыя вугельчыкі па зямлі і заліў іх крынічнай вадой. А галоўны аграном СП «Дрысенскі» Яўген Мароз, як гаспадар поля, у якога напярэдадні засевак у сям’і здарыўся важкі прыбытак – нарадзілася дачка, – загнаў у зямлю сякеру, каб не сапсавала ўраджай пустазеллем.
І вось па старадаўняй традыцыі сейбіты накіраваліся ў поле. Прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і сельгаспрадпрыемстваў пасеялі зерне ва свежаўзараную глебу. Упершыню гэту важную і спрадвеку мужчынскую справу даверылі дырэктару СП «Лявонішана» Жанне Тарлецкай – адзінай жанчыне-кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства ў раёне.
Васіль Шылаў павіншаваў прысутных з самым важным часам года – пачаткам работ, якія забяспечваюць жыццё на зямлі. Затым удзельнікам засевак былі ўручаны духмяныя караваі ўраджаю 2021 года.
Падчас правядзення старадаўняга абраду для гасцей гучалі народныя песні ў выкананні артыстаў Сар’янскага СДК. Вяла мерапрыемства яго кіраўнік Алена Мінчанка.
Пасяўная ў гаспадарках раёна ўзяла старт – жадаем сельскім працаўнікам здароўя і добрага ўраджаю!
Ссылки в статье:
[1] По материалам газеты «Дзвінская праўда»: http://www.d-p.by/