У сям’і Міхаіла і Ліліі Піваварчыкаў – шчасце, памножанае на тры. Міхаіл і Лілія пазнаёміліся ў 2003 годзе ў час вучобы ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме. Міхаіл працягнуў высковую дынастыю: ягоная маці працавала заатэхнікам, бацька кіраваў сельскагаспадарчым транспартам. Міхаіл Баляслававіч, перабраўшыся на Віцебшчыну з роднай Глыбоччыны, ужо 18-ы год працуе на пасадзе ветэрынарнага ўрача. Пасля тэхнікума скончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, і сёння, знаходзячыся на пасадзе вядучага ветурача вытворчага кааператыва «Альгоўскае», таксама з’яўляецца малодшым навуковым супрацоўнікам установы.
– Жывёла, асабліва ў маладым узросце, адчувае цябе, як дзіцё, толькі паскардзіцца не можа, што баліць, – упэўнены ён. Таму і імкнецца не проста паставіць чарговы ўкол, а паназіраць, паслухаць кожнага з падапечных.
Спадарожніца Міхаіла Лілія Пятроўна абрала аграномію. Працавала спачатку ва ўчгасе «Падбярэззе», потым — у службе землеўпарадкавання райвыканкама. А цяпер працуе ў дзіцячым садку. Жанчына прызнаецца, працаваць у педагогіцы марыла з дзяцінства. І толькі маючы за плячыма амаль 20 год стажа, рашылася на перамены: паступіла ў інстытут і завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю выхавацеля дашкольнай адукацыі.
Старэйшаму сыну пары Станіславу 17 год, цяпер ён вучыцца далёка ад дома, але з бацькамі зараз два малодшыя хлопцы – Ягор і Цімафей. Усе трое сыноў розныя, са сваімі характарамі, аднак менавіта яны з’яўляюцца для Міхаіла і Ліліі самай вялікай любоўю, побач з дзецьмі бацькі адпачываюць душой.
Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і да Піваварчыкаў завітала старшыня Віцебскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава. «Ваш сямейны прыклад — гэта жыццёвы маяк для вашых дзяцей. Сваёй працавітасцю, любоўю да блізкіх і прафесіі, вы закладваецца моцны падмурак для дастойных грамадзян нашай краіны. Няхай у вашым доме заўсёды пануе павага і пяшчота, дабрабыт і плён. Заставайцеся такімі ж дружнымі і адзінымі, бо толькі разам можна пераадолець перашкоды і дасягнуць новыя вяршыні», — павіншавала прафсаюзны лідар аграрыяў раёна і ўручыла падарунак.
Па матэрыялах газеты “Звязда”
Фота Аляксандры Гвоздзевай