Вось ужо два гады мінула з таго часу, калі ў Беларусі пачалася пандэмія каронавірусу. Зменшылася колькасць культурна-масавых мерапрыемстваў, турыстычных паездак не толькі ў краіны блізкага замежжа, але і па гістарычных мясцінах Беларусі.
Але нягледзячы на абставіны, спецыялісты і работнікі сельгаспрадпрыемстваў Шаркаўшчынскага раёна, дзякуючы райкаму прафсаюза работнікаў АПК і прафсаюзным пярвічкам сельгасарганізацый, вырашылі напрыканцы студзеня здзейсніць экскурсійную аднадзённую паездку ў Мядзельскі раён.
На беразе возера Нарач — самага вялікага возера Беларусі —у экалагічна чыстым раёне Нацыянальнага парку “Нарачанскі” размяшчаецца аграсядзіба “Наносы”. Менавіта там і пабывалі шаркаўчане.
Аграсядзіба ўяўляе сабой музей пад адкрытым небам. Тут знаходзяцца ветраны і вадзяны млыны, самы вялікі ў краіне музей самавараў (звыш 500 адзінак), музей рэтра-аўтамабіляў, абшчынны і мяшчанскі дамы, стайня. У адным з млыноў размешчана пякарня, дзе выпякаюць хлеб па старадаўніх беларускіх рэцэптах. Шаркаўчане маглі ўласна паназіраць за працэсам выпечкі. У стайні ўтрымліваюцца пародзістыя коні. Карацей кажучы, шмат цікавага і карыснага змаглі даведацца нашы землякі падчас наведвання маляўнічых нарачанскіх мясцін. Дарэчы, аграсядзіба знаходзіцца на паўвостраве, які з трох бакоў акаймаваны водамі блакітнай Нарачы.
Летам райкам прафсаюза работнікаў АПК плануе ажыццявіць задуманае і пабываць за межамі нашай рэспублікі, бо, як аднойчы напісаў айчынны паэт Алесь Ставер: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”.
Матэрыял газеты “Кліч Радзімы”