Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Анатольевіч Мужычэнка і тэхнічны інспектар Святлана Міхайлаўна Кутузава пабывалі ў дзвюх гападарках раёна.
На полі ва ўрочышчы Максімаўшчына сельгаспрадпрыемства “Друцк-Агра” актыўна ішла ўборка элітнага ячменю. У гутарцы з гасцямі галоўны аграном Антон Фаменка паведаміў, што ўсяго сёлета трэба ўбраць 915 га. З іх ужо ўбрана 540 га, што складае 60%. Сярэдняя ўраджайнасць – 19 цэнтнераў з гектара. Намалочана 1040 тон збожжа, плануецца намалаціць яшчэ 500-600 тон. У параўнанні з мінулым годам паказчыкі больш нізкія. Перад хлебаробамі гаспадаркі стаіць мэта ўбраць хлеб без стратаў, пры мінімальных выдатках. Часткова выкананы дзяржзаказ – 200 тон жыта і 100 тон пшаніцы. У бліжэйшы час будзе пастаўлена 150 тон ячменю.
На полі працуюць чатыры камбайнеры, якія складаюць касцяк механізатараў сельгаспрадпрыемства – Яўген Латушкін, Сяргей Гумінскі, Валерый Лугаўцоў і Уладзімір Ляўковіч. На адвозе занятыя вадзіцелі Аляксандр Салтанаў і Аляксей Зайцаў. Усе правілы бяспекі захаваныя, на полі дзяжурыць пажарная машына, арганізавана двухразовае харчаванне.
Уладзіслаў Анатольевіч звярнуўся да механізатараў, шчыра падзякаваў ім за іх нялёгкую працу. Разам з тэхнічным інспектарам Святланай Міхайлаўнай Кутузавай ён уручыў камбайнерам падарункі – сучасную спецвопратку.
Ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і АПК падарункі ўручылі таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марына Сяргееўна Дудчанка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Мікалаеўна Пільшчыкава.
У гэты дзень быў уручаны яшчэ адзін падарунак для работнікаў сельгаспрадпрыемства “Коханава-агра” – воданагравальнік. Старшыня абласной арганізацыі пажадаў работнікам сельгаспрадпрыемства паспяховага завяршэння ўборачнай кампаніі, важкіх паказчыкаў у працы.
Алена Серада, «Наша Талачыншчына»