Днямі Докшыцкі раён наведала старшыня Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Ярома. Нагода для візіту ўрачыстая: узнагароджанне пераможцаў абласных спаборніцтваў у перыяд правядзення веснавых палявых работ.
Дыпломы і каштоўныя падарункі ад абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, а таксама грашовыя прэміі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК былі ўручаны механізатару ААТ “Барсучанка” Аляксандру Рамашову – на ворыве ён дасягнуў самага высокага паказчыку ў вобласці, больш чым 3000 гектараў, а таксама Міхаілу Чарняўскаму з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і Сяргею Ралаўцу з ААТ “Таргуны”, якія гэтак жа трымаюць высока ўзнятую планку сваіх прафесійных дасягненняў.
Падзякі, падарункі і прэміі Таццяна Ярома і Васіль Васюковіч уручылі і за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі на нарыхтоўцы кармоў механізатарам Аляксандру Юнцэвічу з КУП “Докшыцкі”, Вячаславу Аніковічу з ААТ “Таргуны”і Мікалаю Баброўскаму з ААТ “Барсучанка”.
– Стан спраў у аграрным сектары, як вядома, закранае інтарэсы кожнага чалавека нашай краіны. Докшыцкія земляробы, як заўсёды, на высокім тэхналагічным узроўні праводзяць усе работы: якасна апрацоўваюць глебу,уносяць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, своечасова завяршаюць сяўбу азімых і яравых культур, разумна прымяняюць сродкі аховы раслін, арганізавана ўбіраюць ураджай, – адзначыла Таццяна Ярома, выказваючы словы ўдзячнасці сельскім працаўнікам. – Таму цалкам заканамерна, што высокія вынікі вашай працы з’яўляюцца важкім укладам не толькі ў каравай Докшыччыны, але і ў харчовую бяспеку вобласці і краіны ў цэлым. Так трымаць!
Узнагароды і віншаванні прымаюць механізатары ААТ “Барсучанка” Аляксандр Рамашоў і Мікалай Баброўскі.
У чарговы раз адзначана добрасумленная праца і высокі прафесіяналізм Аляксандра Юнцэвіча з КУП “Докшыцкі”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.