З самых прадукцыйных – Залатая Крысціна Гуцанкова ўсё жыццё працуе ў жывёлагадоўлі. У маладосці рупілася аператарам машыннага даення ў КУСГП «Сіроцінскі», потым па сямейных абставінах пераехала ў Ляжні. Уладкавалася на свінагадоўчую ферму (такая была ў Ляжнях у пачатку 90-х гадоў). А калі яе зачынілі, зноў пайшла даіць кароў. «Зразумела, на кожнай ферме і з кожнай жывёлай свае нюансы ў рабоце, – кажа Крысціна Гуцанкова. – Але ж самае галоўнае – усюды патрэбны старанне, уважлівасць. Жывёле што патрэбна? Добры догляд, збалансаванае кармленне, своечасовае лячэнне. А ў падзяку за старанне – добрыя надоі ці прывагі». Менавіта такой падзякай можа пахваліцца жанчына, бо за сакавік яна выйшла пераможцам раённых прафсаюзных спаборніцтваў сярод аператараў машыннага даення. Валавы надой склаў 11640 кілаграмаў (+617 кг да адпаведнага перыяду мінулага года), надой на карову – 253 кг (+18кг). Два гады таму Крысціна Гуцанкова ўзяла сабе групу раздою. Нялёгка было з першацёлкамі, але справілася. Затое цяпер мае 54 здаровыя маладыя і малочныя каровы. З самых прадукцыйных – Залатая (мянушка), якая дае больш за дваццаць літраў малака. З працоўнай перамогай Крысціну Гуцанкову павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова і ўручыла дыплом, падарунак і прэмію.
«Герой працы»