Сутнасць яго праблемы ў наступным. Мужчына ў 2001-2009 гадах, амаль восем гадоў працаваў зваршчыкам-рыхтоўшчыкам на станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў (аўтасэрвісе), які на той час належаў ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”. Мужчыне ўжо споўнілася 60 гадоў, пара падумаць і пра выхад на пенсію. Ён у бібліятэцы азнаёміўся з даступнымі дакументамі па пенсійным забеспячэнні.
З іх мужчына даведаўся, што яшчэ з савецкіх часоў праца па прафесіі зваршчыка лічылася па вызначэнні “працай у шкодных умовах”, лічылася ў спісах на льготную пенсію №1 і №2, работнікам давалася права льготнага выхаду на пенсію.
— У адным з дакументаў ёсць палажэнне аб тым, што за кожныя два гады і шэсць месяцаў працы зваршчыкам можна выходзіць на пенсію раней на адзін год. Я адпрацаваў восем гадоў – значыць, мне павінны аформіць льготную пенсію раней на тры гады, — даводзіць мужчына.
Лепяльчанін сабраў дакументы і звярнуўся ў пенсійны фонд, аднак яму адмовілі ў налічэнні пенсіі, папрасілі прынесці яшчэ дакументы аб працоўнай дзейнасці з ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”. Аднак і іх чамусьці аказалася недастаткова.
У рэшце рэшт мужчына звярнуўся ў раённую прафсаюзную арганізацыю. Кансультацыю пагадзілася даць Ларыса Волкава, старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Яна сказала:
— Па-першае, адзначу, што прадстаўленыя дакументы складзены, мякка кажучы, слаба, недакладна. Складваецца непрыемнае ўражанне аб кваліфікацыі работнікаў адміністрацыі ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”. З іншага боку, у 2001-2005 гадах у рэспубліцы адбываліся значныя змены ў працоўным заканадаўстве, у прыватнасці, пераглядаліся абгрунтаванні для налічэння льготнай пенсіі. На прадпрыемствах павінны былі стварацца камісіі для атэстацыі працоўных месцаў на прадмет наяўнасці шкодных умоваў працы. У некаторых арганізацыях гэтую справу маглі зацягнуць, у выніку чаго работнікі траплялі ў складанае становішча, павінны былі даказваць сваё права на льготную пенсію. Мяркую, дадзены выпадак з гэтай катэгорыі. Мы пастараемся разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы чалавеку.
Паколькі ў архівах ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” не знайшлі патрэбных дакументаў, у прыватнасці даведкі аб выніках атэстацыі працоўных месцаў, прафсаюзныя работнікі звярнуліся ў абласны цэнтр стандартызацыі і метралогіі з просьбай даць экспертнае заключэнне аб шкоднасці. У хуткім часе такое заключэнне было атрымана. Зараз рыхтуюцца дакументы аб датэрміновым выхадзе на пенсію.
Васіль МАТЫРКА, «Лепельскі край»