У раёне на палетках УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» за вёскай Добрына прайшлі раённыя засеўкі «Хай будзе добры ўраджай!».
Адкрыў свята старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Галынчык. Ён пажадаў усім хлебаробам сіл, здароўя, добрага надвор’я, каб паспець у тэрмін завяршыць пасяўную. Сяргею Аляксандравічу ўручылі каравай з зерня мінулага ўраджаю – як сімвал багацця і дабрабыту.
Са святам першай баразны шумілінцаў павіншаваў начальнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Валерый Нярозя. Ён адзначыў, што зерневыя і зернебабовыя павінны ў раёне быць адсеяны за два тыдні, а поўнасцю з яравымі культурамі справяцца да сярэдзіны мая.
Да віншаванняў далучылася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яна расказала, што падчас пасяўной будзе арганізаваны падвоз гарачага харчавання на поле, нагадала, што самае галоўнае на рабоце – захавання тэхнікі бяспекі, што ўсе павінны вяртацца ў сем’і жывымі і здаровымі.
Малітву на добры ўраджай прачытаў настаяцель Свята-Ануфрыеўскага храма Уладзімір Пучынскі і блаславіў дырэктараў сельгаспрадпрыемваў. Ён уручыў кіраўніку раёна ікону Афанасія Прыхабскага, які калісьці служыў на нашай зямлі. Па традыцыі нашых прадзедаў вядучыя са словамі “у зямельку сякеру ўтыкаю, пустазелле адсякаю” правялі абрад на добры ўраджай, паставілі на палеткі соль і зерне – каб густа раслі жыта і пшаніца.
Пад песні народнага фальклорнага гурта «Гульбічы» старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і дырэктары сельгаспрадпрыемстваў распачалі вясеннюю сяўбу. У добры шлях, хлебаробы!
“Герой працы” Ларыса ЗАЙЦАВА.