Гэта цэлае жыццё, поўнае працавітасці, напорыстасці, старанняў і вялікіх намаганняў у галіне сельскай гаспадаркі. Гэта ўзаемаадносіны з людзьмі, стварэнне дружнай каманды, якая цябе заўсёды падтрымае і падставіць плячо, лічыць былы дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства «Мішневічы» Міхаіл Цікавенка.
У Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Міхаіл Цікавенка вывучыўся на інжынера і прыехаў працаваць інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку ў адну з гаспадарак Рагачоўскага раёна. Хто ведае, можа б і застаўся там назаўсёды, калі б не выбух на Чарнобыльскай АЭС.
У 1989 годзе Міхаіл Герасімавіч разам з жонкай Нэлі Іванаўнай, дачкой і сынам пераехалі ў Мішневічы. Міхаіл Цікавенка стаў працаваць галоўным інжынерам. А праз дзевяць гадоў яму прапанавалі заняць пасаду дырэктара саўгаса «Мішневічы». Узяўся за работу актыўна, з энтузіязмам. Аднолькава ўдзяляў увагу як механізацыі, так і жывёлагадоўлі з раслінаводствам – усё лічыў галоўным і важным у сельскай гаспадарцы.
За 24 гады кіраўніцтва М. Цікавенкі ў сельскагаспадарчага прадпрыемства «Мішневічы» (так гаспадарка пачала называцца з 2001 года) ў сельгаспрадпрыемства былі ўзлёты і падзенні. Мясцовым спецыялістам запомнілася тое станоўчае, чым ганарылася гаспадарка. Напрыклад, «Мішневічы» заўсёды былі ў ліку першых, хто падрыхтоўваў тэхніку па пасяўной і ўборачнай. Помніцца, выязная калегія райсельгасхарчу праходзіла менавіта на мехдвары ў Мішневічах, дзе тэхніка да жніва стаяла на лінейцы гатоўнасці.
Сельгаспрадпрыемства, якое ў свой час была элітгасам «Віцебскнасентраў», кожны год нарыхтоўвала кармоў столькі, што магло пракарміць не толькі жывёлу сваіх фермаў, але і суседніх. Прадавалі кармы ў гаспадаркі Гарадоцкага і свайго раёнаў, ад чаго мелі добры прыбытак. Вырошчвалі і проса на зерне, якое здавалі на Глыбоцкую птушкафабрыку. Што тычыцца жывёлагадоўлі, дык перадавымі фермамі былі Заўсыска і Мішневічы – калектывы неаднаразова выходзілі пераможцамі раённых спаборніцтваў.
Калегі Міхаіла Цікавенкі расказалі, што ў іхняга былога кіраўніка добры і пакладзісты характар – ён заўсёды падбадзёрыць, падыдзе з жартам і ласкавым словам. Ну, а калі і ёсць за што пасварыцца, дык зробіць гэта. Але ж чалавек не застанецца ў “чорным спісе” – у кожнага ёсць шанс абдумаць свае ўчынкі і выправіцца, так лічыць Міхаіл Герасімавіч. Будучы кіраўніком, ён заўсёды стараўся тактоўна аддзячыць кожнага за старанне, каб зацікавіць плённай працай іншых.
Нядаўна Міхаіл Герасімавіч, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, справіў юбілей. Шмат цёплых слоў ён атрымаў ад былых калег, кіраўнікоў прадпрыемстваў раёна. Старшыня райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Вольга Пусянкова ўручыла яму грамату ад абласнога прафсаюзнага камітэта работнікаў АПК і падарунак.
«Герой працы» [1]
Ссылки в статье:
[1] «Герой працы»: http://www.shumilino.by/