Членства ў прафсаюзнай ячэйцы было абавязковай умовай удзелу ў конкурсе, бо адным з арганізатараў выступала раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Яго старшыня Марыя Аляксееўна Шаўчэнка вітала канкурсантаў, пажадала ім удалага выступлення, а гледачам – відовішча. І яно атрымалася.
Назва першага тура “Я і маё прадпрыемства” кажа сама за сябе – неабходна было прадставіць сябе і свой працоўны калектыў, прывесці доказы важнасці абранай прафесіі, расказаць аб ёй. Медсястра дзіцячай кансультацыі ўшацкай райбальніцы Насця Севярын нягледзячы на невялікі стаж работы ўжо мае прафесійныя дасягненні – сёлета заняла першае месца ў конкурсе маладых медработнікаў райбальніцы. З першых дзён працы дзяўчына прымае ўдзел у мастацкай самадзейнасці, культурна-масавых мерапрыемствах. Прэзентавала сябе і калектыў Насця з дапамогай відэаматэрыялаў, якія адлюстроўвалі сутнасць яе работы і захапленняў.
Здаецца, прафесія прадаўца – банальная і расказаць аб ёй нешта незвычайнае цяжка. Але гэта ў тым выпадку, калі вас завуць не Юлія Ярмош – калі загадчыца магазіна “Тэхнамір” бярэцца за што-небудзь, то робіць гэта якасна і грунтоўна. Дзяўчына здзівіла гледачоў і членаў журы вершаванымі радкамі аб сваёй рабоце і адносінах да яе, трымалася на сцэне вельмі ўпэўнена. Стажу працоўнай дзейнасці ў яе паболей, а сакрэт удалага выступлення прадаўца шостага разраду – вопыт удзелу ў падобных мерапрыемствах, бо ў скарбонцы дасягненняў Юліі маецца перамога ў раённым конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод работнікаў сістэмы спажывецкай кааперацыі, 3 месца ў абласным конкурсе прафмайстэрства і ўдзел у яго заключным, рэспубліканскім этапе.
Як бачна, саперніцы ў Кірыла Шалыгі былі вельмі дастойныя. Але акампаніятар аўтаклуба раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, які працуе год, хутка асвоіўся ў прафесіі і ўжо пачаў выступаць сольна. Ды і любімы занятак Кірыла супадае з прафесійнай дзейнасцю – гэта музыка, якую ён спрабуе ствараць, займаецца і мантажом відэаролікаў. Тым больш нечакана для многіх сваю прэзентацыю ён пабудаваў у жанры імправізацыі і жывога дыялогу з гледачамі.
У туры “Ініцыятыва” канкурсанты прэзентавалі свае прапановы па вырашэнні сацыяльна значных пытанняў у жыцці рэгіёна. К.Шалыга выказаўся па праблемах стану дарог і працы банкаматаў. Ю.Ярмош праект каруселі, якая б упрыгожыла гарадскі сквер, прадставіла на суд журы разам з дачушкай. А вось Н.Севярын данесла пра неабходнасць працы ў гарпасёлку дзяжурнай аптэкі праз міні-спектакль, які ёй дапамаглі паставіць калегі.
Журы, якое ўзначаліла намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, трэба было зрабіць сапраўды нялёгкі выбар. “Мне больш усіх спадабаўся Кірыл!” – казаў адзін з маленькіх гледачоў, у захапленні ад яркага танца канкурсанта, які той выканаў разам з сабрам і калегам гукарэжысёрам Ільёй Шалонькам падчас заключнага творчага тура конкурсу. Як кажуць, на смак і колер таварышаў няма – для груп падтрымкі дзяўчат лепшымі былі менавіта яны, доказам чаму – бурныя апладысменты пасля вакальных нумароў у выкананні Ю.Ярмош і Н.Севярын. Журы ж ацэньвала змест выступленняў, артыстычнасць, выкарыстанне касцюмаў, тэхнічных сродкаў і многае іншае. І ў выніку доўгіх дэбатаў перавага была аддадзена Насці Севярын на радасць яе каманды на чале са старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Марынай Харэвіч і намеснікам галоўнага ўрача Наталіяй Дрозд.
Любы конкурс – гэта крыху і ўдача. І як справядліва зазначыла А.В.Пашковіч, не важна, хто пераможца, галоўнае, што не было прайграўшых. Усе канкурсанты атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі ад раённага аб’яднання прафсаюзаў разам з пажаданнямі творчых перамог і прафесійнага росту, для чаго ў гэтых маладых людзей ёсць усё неабходнае.
Источник:belpatriot.by