«Зараз бы на мора, а не вось гэта ўсё…» – падпісвае хтосьці здымкі ў сацсетках. І нават не здагадваецца, што на балоце таксама класна. У гэтым упэўніліся ўдзельнікі конкурсу «Смак журавін», які традыцыйна праходзіць у рамках экалагічнага фестывалю «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Сёлета спаборнічала 12 каманд. Рэдакцыя таксама паўдзельнічала.
Настрой бадзёры, мэты розныя
Напэўна, канкурсантам па-добраму зайздросцілі калегі, калі тыя пятнічным днём 10 верасня замест сваіх рабочых месцаў сабраліся на мох па журавіны. Шлях на балота пачынаўся на плошчы ля РДК, адкуль на двух мікрааўтобусах скіраваліся ў вёску Сухавержжа, побач з якой маляўнічыя прасторы чароўнай Ельні.
Настрой ва ўсіх бадзёры, мэты розныя. Мы з калегай Крысцінай Батурыцкай едзем за ўражаннямі і інфармацыяй для рэпартажу. Для настаўніцы Новапагосцкай школы Наталлі Самсановіч прагулкі па балоце – цудоўная псіхалагічная рэлаксацыя. Загадчыцы Язненскага яслі-сада Ірыне Балай цікава пазнаёміцца з Ельняй, дзе яшчэ бываць не даводзілася. Супрацоўніца тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання несельніцтва Ала Федарэц планавала назбіраць карысных ягад для сям’і і з задавальненнем правесці на імху першы працоўны дзень пасля водпуску.
– Журавіны ёсць, іх шмат, трэба толькі знайсці, – падбадзёрвае ўдзельнікаў дырэктар заказніка Іван Барок.
Папярэджвае быць асцярожнымі, паколькі вады на балоце таксама нямала, і ўважлівымі, бо высокая актыўнасць вужоў і змей (іх, дарэчы, так і не заўважылі).
Аксана Падзява – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, па чыёй ініцыятыве штогод праходзіць спаборніцтва – нагадвае ўмовы конкурсу. У тройку лідараў увойдуць каманды, чый ураджай журавін заважыць больш. Таксама па вазе ягад выберуць пераможцу ў індывідуальным заліку. Ёсць намінацыі для збіральнікаў, якія знойдуць самую маленькую і самую вялікую журавіну. На гадзінніку 8.40. У 14.00 трэба вярнуцца на месца. Наперадзе два кіламетры па лясной дарозе, і – прывітанне, балотны прастор.
Балота мокрае, журавіны смачныя
Вопытныя ягаднікі – а іх сярод удзельнікаў конкурсу большасць – на ўскрайку балота не затрымліваюцца. Адразу ідуць далей. Некалькі чалавек застаюцца ля берага, у тым ліку і мы з Крысцінай. Асвойваемся паступова. Заўважаем журавіны на купінах. Сабралі на адной – перайшлі да другой, штораз баючыся застацца без ботаў. Пакуль стаіш на адным месцы, ногі вязнуць у вадзе, зацягнутай імхом. Такім балота я яшчэ не ведала. Памятаю яго сухім, калі можна было прылегчы на мохавую коўдру. На гэты раз не атрымаецца. Пакрысе перамяшчаемся глыбей у яльнянскае царства. Было б цудоўна дайсці да возера Курганістага і палюбавацца яго непаўторнымі краявідамі. Аднак на мясцовасці арыентуемся слаба, лепш не рызыкаваць.
Паціху напаўняем вёдры чырвонымі ягадамі, спрабуем іх на смак. Кісла, смачна, прыемна. Надвор’е цудоўнае: бязветрана, сонечна, у меру цёпла. Ціха. Чутны толькі крокі ягаднікаў з характэрным гукам-шлёпаннем і час ад часу пераклічкі.
– А я думала, дзе вы падзеліся, – заўважае нас супрацоўніца бібліятэкі Юлія Лепягава. – На ўскрайку засталіся, страшнавата было адразу далёка ісці. – Тут ягад больш і збіраць зручней, – кажа субяседніца.
Заўзятай ягадніцай Юлія сябе не лічыць, аднак кожную восень ходзіць на балота па журавіны. Збірае для сябе. У конкурсе ўдзельнічае ўпершыню. Рада, што пашанцавала з надвор’ем і з ягадамі. Імкліва і спрытна бегаюць па мохавым дыване рукі Таццяны Асетнік. Для работніцы мясакамбіната збіраць журавіны даўно не ў навінку. На працягу 20 гадоў спяшаецца восенню на Ельню. Бывае, на рабоце бярэ водпуск, каб больш часу на балоце правесці. Ягады для яе – крыніца дадатковага прыбытку. Наконт сакрэту збору заўважае:
– Патрэбны жаданне і ўвага.
Стомленасць прыемная, вынікі радасныя
Усе каманды вярнуліся з балота без спазнення, узважылі ўраджай. Пакуль журы падлічвае журавінавыя кілаграмы, удзельнікі адпачываюць, прысеўшы хто на лавачку, а хто проста на зямлю, дзеляцца ўражаннямі.
– Я возера Курганістае ўбачыла! Якая там прыгажосць! – не стрымлівае эмоцый Наталля Самсановіч. – Пабываць на Ельні – задавальненне для душы. Балота ўсё дрэннае забірае.
Іншыя канкурсанты таксама пагаджаюцца, што на балоце хоць і стамляешся фізічна, але адпачываеш душой. Сябруе з Ельняй Анастасія Маляўка. На конкурсе разам з калегам Віктарам Кашкурам прадстаўлялі каманду камбікормавага завода.
– Я другі раз удзельнічаю, Віктар упершыню. Ехалі за перамогай. На нас калектыў спадзяецца, – заўважае Анастасія. – Цяжка сёлета журавіны збіраць, мокра. Але ўражанні добрыя застануцца. Люблю па ягады хадзіць і ў лес, і на балота. Гэта занятак для душы і магчымасць папоўніць бюджэт.
Журы гатова падвесці вынікі. Пачынаюць з трэцяй пазіцыі, якую заняла каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў складзе Алены Кліменцьевай і Аксаны Пухалка. Разам набралі 31 кг 490 г журавін.
– Ехалі паўдзельнічаць. Канешне, было жаданне ўвайсці ў тройку лідараў. Цудоўна, што атрымалася, – радуюцца дзяўчаты. – Спадабаўся працэс збору ягад, азарт адчуваўся.
З агульнай ягаднай вагой 33 кг 760 г другое месца заняла каманда камбікормавага завода. Да таго ж Анастасія Маляўка стала пераможцам у індывідуальным заліку – набрала 22 кг 930 г журавін. 39 кг 360 г – вынік каманды яслі сада № 2, якую прадстаўлялі Ніна Лагун і Наталля Вішнеўская.
– Ехалі за перамогай, – адзначае Ніна. – У мінулы раз наша каманда была на трэцім месцы, цяпер вынік палепшылі.
Самая вялікая журавінка аказалася ў мяху Марыны Канапелька з каманды сектара спорту і турызму, самую маленькую адшукала Святлана Шымко з Чапукоўскай школы.
Прыемна стомленыя канкурсанты скіраваліся дадому. З сабой везлі кілаграмы журавін і мноства пазітыўных уражанняў. Пераможцы сёння на паўвостраве атрымліваюць падарункі. Аднак, як заўважыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Падзява, у конкурсе ніхто не праіграў. Сапраўды, кожны ўдзельнік атрымаў тое, за чым ехаў. Сустрэча з Ельняй была цудоўным падарункам для ўсіх.
Кацярына РЫНКЕВІЧ, “Міёрскія навіны”