Старшыня Шумілінскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова сустрэлася з калектывам КУСГП «Мішневічы», падчас сустрэчы абмяркоўваўся праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Як высветлілася, далёка не ўсе работнікі сельгасарганізацыі пазнаёміліся з праектам новай Канстытуцыі. Таму Вольга Пусянкова
спынілася на асноўных змяненнях, якія прапануецца ўнесці ў Асноўны Закон. Актыўна абмяркоўваўся артыкул, у якім вызначаецца паняцце шлюбу. Як высветлілася, мясцовыя работнікі выступаюць за шлюб мужчыны і жанчыны, яны цэняць сям’ю, бо толькі яна можа
выхаваць патрыёта сваёй Радзімы і сапраўднага беларуса.
Вялася гаворка пра новаўвядзенне, якое тычыцца падтрымкі моладзі і мнагадзетных сем’яў. Акрамя таго, у Асноўны Закон дададзена пазіцыя, якая тычыцца дапамогі людзям сталага ўзросту – і гэта мішнеўцы палічылі правільным. В. а. дырэктар КУСГП «Мішневічы» Уладзімір Груца падтрымаў артыкул Канстытуцыі, які выключае ваенную агрэсію нашай рэспублікі ў адносінах да іншых дзяржаў. Ён адзначыў, што людзей хвалююць сацыяльныя гарантыі і бяспека. І калі на рэферэндуме будзе прынята Канстытуцыя, то ў будучым перагледзяцца і многія іншыя законы. І яны, напэўна, таксама будуць накіраваны на абарону правоў і інтарэсаў беларусаў.