У раённым цэнтры культуры прайшоў фінал «Гульняў розуму»,на якім разыгрывалася вялікая сава. Арганізатарамі мерапрыемства выступiлі раённы цэнтр культуры, райкам ГА БРСМ і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
Тэматыкай гульні былi Новы год, сімвал года –дракон, мая Радзіма – Беларусь. Першы этап –«Свая гульня». Шэсць каманд цудоўна праявілі сябе і заваявалі заліковыя балы. Усё вырашыў брэйн-рынг. Ачкі атрымлівалі толькі тыя, хто быў дасведчаны ў розных сферах навагодніх і калядных святаў.
Па выніках фінала вялікую саву забрала зборная каманда Обальскай і Слабадской школ «4+2», другім стаў «Эпіцэнтр», трэцяй – «Неблагая кампанія».
«ЯК ВАМ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫ ТУРНІР?»
Настаўнік Слабадской школы Уладзімір Кучко (каманда «4+2»):
– «Гульні розуму», якія праходзілі на працягу года, – вельмі добры праект. На мой погляд, менавіта інтэлектуальных турніраў ці спаборніцтваў у нас малавата. Відаць, таму чатыры гульні прайшлі на ўра: і атмасфера цудоўная, і свой узровень ведаў падымаеш. Хочацца працягу серыі інтэлектуальных гульняў. Мы, удзельнікі, гатовы на любы варыянт.
Старшыня аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава, адзін з арганізатараў:
– «Гульні розуму» ўдаліся. На працягу года каманды з задавальненнем удзельнічалі. Усе этапы праходзілі ў непрадказальнай барацьбе, як вынік – за сезон з совамі тры каманды. Зразумела, што сёлета інтэлектуальныя спаборніцтвы будуць мець працяг. Думаю, што і каманд-удзельніц будзе больш: пасля другой і трэцяй гульняў многія выказвалі жаданне паўдзельнічаць у наступнай серыі гульняў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.