Арыгінальная ідэя зрабіць гіганцкі надпіс належыць кіраўніку раёна, а за яе рэалізацыю ўзяліся талакой. Удзел у акцыі, прымеркаванай да Года малой радзімы і 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прынялі многія глыбачане. Актыўна ўдзельнічала ў акцыі і вялікая каманда прафсаюзных актывістаў раёна.
Пасля кансультацыі па пасадцы, якую правёў спецыяліст лясгаса, на ўзгорку закіпела работа. На кожнай літары, памер якой каля 50 метраў у вышыню і 16 метраў у шырыню, дрэвы высадзілі ў тры рады. Для своеасаблівага ўказальніка, які ўбачаць усе, хто будзе пралятаць над горадам на самалёце ці верталёце, спатрэбілася каля 2000 адналетніх сеянцаў сасны звычайнай, якую вырасцілі ў гадавальніку Глыбоцкага доследнага лясгаса. Плошча насаджэння – 1,0 гектара.
Па матэрыялах “Веснік Глыбоччыны”