Лепшую даярку вызначыў конкурс прафмайстэрства, які быў арганізаваны райкамам прафсаюза работнікаў АПК, спецыялістамі райсельгасхарчу і работнікамі раённага цэнтра культуры.

Усіх прысутных на мерапрыемстве прывітала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. «Работа аператараў машыннага даення – гэта аснова сельскай гаспадаркі, бо менавіта ад малака можна круглы год атрымліваць грошы, адзначыла Вольга Іванаоўна. – У раёне многа старанных даярак, і сёння яны прыехалі, каб падзяліцца сваім вопытам ці пераняць іх у іншых».
Раённы конкурс «Лепшы аператар машыннага даення-2025», які ў раёне стартаваў летась, праходзіў ва ўрочышчы Латкова СУП «Лаўжанскае». Сюды прыехалі 15 даярак з розных сельгаспрадпрыемстваў раёна. Яны паказвалі свае ўменні і спрыт у тэарэтычным конкурсе і даенні кароў.

Трэба было ведаць пра рэфлекс аддачы малака, фактары, якія садзейнічаюць хуткаму і поўнаму выдойванню, чаму не варта ператрымліваць даільныя апараты на вымю, на які дзень пасля ацёлу трэба правяраць жывёлу на мастыт і многае іншае. Аператары машыннага даення збіралі і разбіралі даільны апарат, прычым зрабіць гэта трэба было хутка – на час. І многія, трэба адзначыць, укладваліся ў адведзеныя хвіліны. Хаця ў некаторых парушалася паслядоўнасць зборкі, рабілі заўвагі члены журы.

Пераможцам конкурсу стала Наталля Міронаваа з СУП «Лаўжанскае». Другое месца – у Таццяны Марцiнкевiч з КУСГП “Ульскi», трэцяе – у Наталлі Чаранок з СФГ «Раднік». Была ўзнагароджана і самая вопытная даярка, і самая маладая (імі, дарэчы, аказаліся Наталля Міронава і Юлія Пясецкая). Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі прызы і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і спонсара мерапрыемства – Верхнядзвінскага масласырзавода.
По материалам районной газеты “Герой працы”