Радасць падзеі за экіпажам прыехалі падзяліць старшыня райвыканкама Пётр Карабач, намеснік генеральнага дырэктара па сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ “Віцебскі мясаккамбінат” Алег Скрабнеўскі, дырэктар УП “Паўночны” Сяргей Цітоў, старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Ірына Дарошчанка, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Таццяна Груганава, прадстаўнікі прафсаюзных пярвічак прадпрыемстваў, дзе пастаянна і часова (менавіта зараз) працуюць “тысячнікі”. Віншаванне было шчырым, захопленым, прыпраўленым падарункамі, граматамі, кветкамі, добрай песняй у падарунак.
А мужчынам не цярпелася хутчэй працягнуць работу на сваім адмысловым камбайне Нью Холанд. Вось дзе машына! Летась А.М. Каўпакоў за ўборачную намалаціў на ім дзве тысячы збожжа. Расказваў, што ў Машканах, дзе ўраджайнасць азімых культур дасягала ў мінулым годзе 77 ц/га 11-тонны бункер цуда-машыны запаўняўся за 11 хвілін.
— Няма лепшай на свеце асалоды як ад работы на ўзворванні глебы і на ўборцы зерня, — аж прыжмурвае вочы Аляксандр Каўпакоў. — Вы ведаеце, як прыемна пахне вясной узараная зямля? А водар спелай нівы — гэта важкі пах дабрабыту.
І гэта шчырае прызанне рамантыка і адначасова рэаліста, які трывала стаіць на зямлі. Ён не грэбуе ніякай работай, круціцца на палетках прадпрыемства круглы год, яго адносіны да справы такія, што яму можна даверыць такую вось найсучаснейшую тэхніку.
— Палі ў вас на Гарадоччыне вельмі складаныя, — адзначае практык са шматгадовым стажам на розных палетках Віцебшчыны, і жартам дадае: — паўночная ўскраіна краіны — дык і грошы “паўночныя” трэба даплочваць. Вельмі камяністыя глебы, цяжкія, палі дробнаконтурныя, хмызнякі… Тут калі ад 30 ц/га вырасцілі — зорку Героя трэба даваць.
Тыя ўчасткі, на які працаваў экіпаж Каўпакоў-Кандыбайла, давалі па 40 ц/га. Гэта гаворыць аб тым, шт о ў гаспадарцы пякуцца аб насенным матэрыяле, захаванні тэхналагічнай дысцыпліны, шчыруюць нястомна. Лідары жніва адзначылі выдатную арганізацыю працы ў гаспадарцы: камбайн не прастойвае ні хвіліны, машыны на адвозцы змяняюць адна адну няспынна.
Святлана Якаўлева, галоўны рэдактар раеннай газеты «Гарадоцкі веснік»