У пярвічках прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, напрыклад, прайшло ўжо 12 справаздачна-выбарчых сходаў, яшчэ 3 чакаюцца ў жніўні. У сферы АПК раёна налічваецца 1828 працаўнікоў, 1788 з іх з'яўляюцца членамі 16 пярвічных прафсаюзных арганізацый. Апошняя ўзнікла нядаўна – 22 красавіка бягучага года – на базе цэха па вырошчванні куранят-бройлераў «Бешанковічы» ТАА «Вітконпрадукт» і аб'яднала 100% калектыву. Яшчэ адна маладая прафсаюзная ячэйка створана на базе ВУ «Свінагадоўчы комплекс „Свіціна” ВУП „Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”: пярвічка ўзнікла 22 чэрвеня мінулага года, членамі прафсаюза сталі 119 працаўнікоў са 121.
На парадку дня прафсаюзных сходаў абмяркоўваліся справаздачы аб рабоце прафсаюзнага камітэта і рэвізійнай камісіі. Варта адзначыць, што людзі ў асноўным давяраюць тым, хто прадстаўляе іх інтарэсы перад наймальнікамі. Перавыбраны быў толькі адзін старшыня прафкама. Новым прафсаюзным лідарам ў ААТ „Бешанковічы аграсэрвіс” стала сакратар Вольга Ціхановіч.
У ліку важных напрамкаў у рабоце прафкамаў з'яўляецца фізкультурна-спартыўная дзейнасць калектыву, бо гэта і добры прыклад здаровага ладу жыцця, і цудоўная магчымасць бавіць вольны час с карысцю як самім працаўнікам, так і іх сем'ям. Акрамя таго, члены прафсаюза прымаюць актыўны ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах, турыстычных злётах, экскурсіях. Як паведаміла прафсаюзны лідар свіцінцаў М. М. Булыня, спецыялісты прадпрыемства, натхнёныя відэаролікам маштабнай рэканструкцыі падзей чэрвеня 1944-га ля мемарыяльнага комплексу „Узрэчча”, выказалі жаданне асабіста наведаць памятнае месца, схіліць галаву перад подзвігам савецкіх салдат. Дарэчы, падтрымку калектыву атрымала яшчэ адна прапанова лідара прафкама – экскурсія ў Бярэзінскі запаведнік. Паездка (часткова за сродкі з бюджэту пярвічкі і ўласны кошт) запланавана ўвосень.
Не стаяць на месцы, рухацца і развівацца – вось заклік актывістаў прафсаюза. З такім настроем усё запланаванае абавязкова
спраўдзіцца. На працягу ўсёй сваёй гісторыі прафесійныя саюзы знаходзіліся ў авангардзе жыццёва важных працэсаў, якія суправаджаюць развіццё дзяржавы. Яны і сёння застаюцца адной з галоўных апор Беларусі, служаць захаванню нашых лепшых традыцый, аб'ядноўваюць людзей вакол ідэалаў дабра і справядлівасці, натхняючы на мірную і стваральную працу. Што ж, напачатку новай пяцігодкі хочацца пажадаць усім плёну ў дзейнасці і новых дасягненняў.
Газета „Зара”