Ужо трыццаць гадоў Таццяна Пясецкая працуе на ферме «Амбросавічы» ААТ «Прыазёрны мір» і не спяшаецца на гэтым спыняцца.
У маладосці была магчымасць застацца ў горадзе, але прыехала ў Амбросавічы, дзе выйшла замуж. Пасля работы на Полацкай птушкафабрыцы (вучылася ў Гарадку на птушкавода) Таццяна Пясецкая зрабіла для сябе вывад, што зможа працаваць не толькі з птушкамі, але і з любой жывёлай. Уладкавалася на ферму Маркава, а цяпер рупіцца на ферме Амбросавічы ААТ «Прыазёрны мір». Амаль трыццаць гадоў на ферме – стаж зайздросны. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства ведае, што Таццяне Леанідаўне можна даверыць самы адказны ўчастак работы – усюды справіцца. Не дарэмна ж ёй даручылі зараз групу раздою, якая налічвае больш за сто кароў. Нялёгка, складана нават з такім вялікім стажам, бо каровы трапляюцца наравістыя – паспрабуй іх раздаіць. А менавіта ад раздою першацёлак залежыць, якой малочнасці карова будзе надалей. Значыць, за працавітасцю Таццяны Пясецкай – вытворчасць малака ўсёй фермы. І яна стараецца. Не дарэмна ж кіраўніцтва ААТ «Прыазёрны мір» хадайнічала перад прафсаюзам аб узнагародзе лепшага аператара машыннага даення.
Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Пусянковай Таццяну Леанідаўну падзякай і падарункамі за сумленную шматгадовую працу павіншаваў намеснік старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Лугаўцоў, які быў у нашым раёне з рабочым візітам.