У рамках акцыі дыпломамі і грашовымі прэміямі ўзнагароджаны лепшыя аператары машыннага даення і аператары па вырошчванні маладняку буйнай рагатай жывёлы.
Да слоў удзячнасці за добрасумленную працу і высокія паказчыкі, выказаныя старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілём Васюковічам у адрас даяркі малочна-таварнага комплексу “Атрубок” Валянціны Гільніч, якая працуе ў даільнай зале і дасягнула за год сярэдняга надою ад каровы 3951 кілаграм малака, і даглядчыцы маладняку буйнай рагатай жывёлы фермы “Жары” Таццяны Кучко – сярэднясутачныя прывагі цялят у замацаванай за ёй групе склалі 627 грамаў – далучылася кіраўнік праекта дзяржаўнага прыдпрыемства “Гняздзілава-Агра” – унітарнага прыдпрыемства “Малочная праўда” Соф’я Бухаловіч.
– Спадзяюся, што ў бягучым годзе мы з вамі даб’ёмся больш высокіх вынікаў, – адзначыла Соф’я Пятроўна. – Нам ёсць на каго раўняцца не толькі ў раёне – варта пастарацца ўзяць тыя вышыні, якіх дасягалі раней у сваёй гаспадарцы.
Калі гаварыць пра вышыні, то, несумненна, па праве можа ганарыцца вынікамі сваёй работы за мінулы год Наталля Акуліч, якая працуе на малочна-таварнай фермы “Юркаўшчына” адкрытага акцыянернага таварыства “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Наталля Васільеўна надаіла 5500 кілаграмаў малака ад каровы – гэта адзін з самых высокіх вынікаў у раёне. А ў групе маладняку буйнай рагатай жывёлы Святланы Бурніной з фермы “Альхоўка” гэтай жа гаспадаркі ажно 220 галоў, і прывагі сярэднясутачныя таксама дастойныя – 745 грамаў.
Павіншаваў руплівіц таксама дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Баговіч, выказаў упэўненасць у тым, што ўзятая высокая планка не будзе заніжана і сёлета.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.