Напачатку новага года ў раёне [1] чарговы раз стартавала акцыя “Наш жывёлавод”, у рамках якой дыпломамі і каштоўнымі падарункамі адзначаюцца лепшыя работнікі сельгаспрадпрыемстваў у галіне жывёлагадоўлі. З прыемнай місіяй старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Васюковіч днямі наведаўся ў ААТ “Барсучанка”.
Па выніках работы за мінулы год дыпломамі за добрасумленную працу, прафесіяналізм, якаснае і адказнае выкананне сваіх абавязкаў, высокія вытворчыя паказчыкі былі ўзнагароджаны аператар па вырошчванні маладняку БРЖ малочнатаварнай фермы “Порплішча” Уладзімір Глухоўскі і аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы “Масловічы” Ірына Ходан. І Уладзімір Віктаравіч, і Ірына Ісідораўна вось ужо шмат гадоў займаюць перадавыя пазіцыі не толькі ў сваім сельгаспрадпрыемстве, а яшчэ і з’яўляюцца частымі пераможцамі раённых спаборніцтваў. Пра іх майстэрства і адданасць справе неаднаразова пісалася ў нашай газеце.
Самыя шчырыя і цёплыя словы падзякі выказаў у адрас сваіх работнікаў дырэктар ААТ “Барсучанка” Сяргей Маскалёнак.
– Самыя каштоўныя якасці, якія характарызуюць гэтых людзей, – надзейнасць і стараннасць, за што ім бязмежна ўдзячны, – адзначыў кіраўнік сельгасарганізацыі.
Васіль Васюковіч [2], уручаючы ўзнагароды, пажадаў усім здароўя і шчасця ў новым годзе і выказаў упэўненасць, што новыя працоўныя дасягненні таксама не прымусяць сябе чакаць. Цёплую і радасную нотку ва ўрачыстасць унеслі ўдзельнікі Докшыцкага аўтаклуба, у выкананні якіх для ўсіх прысутных прагучалі цудоўныя песні.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.
Ссылки в статье:
[1] раёне: https://vitebsk.1prof.by/news/%f0%9f%94%b9-ucheba-profsoyuznyx-liderov-apk/
[2] Васіль Васюковіч: https://vitebskprofapk.by/struktura/rajonnye-profsoyuznye-organizacii/dokshickaya-rajonnaya-organizaciya-profsoyuza-rabotnikov-apk