Сюды адносіцца не толькі спрыяльныя ўмовы для работы і ахова працы, але і харчаванне, якое падвозяць прама на палеткі. У палявых умовах харчуюцца амаль дзвесце механізатараў раёна.
Вялікая нагрузка ў гэтыя вясеннія дні кладзецца на повараў сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае», якія гатуюць абеды не толькі для сваіх работнікаў, але і для «АграБаравінка» і УП «Шумілінскі райаграсэрвіс»
– Добрыя прывозяць абеды, порцыі вялікія, – расказалі механізатары «АграБаравінкі». – Асабліва падабаюцца тыя блюды, дзе многа мяса. Катлеты таксама ідуць за мілую душу.
У Мікіцісе ёсць яшчэ адна сталоўка, якая належыць індывідуальнаму прадпрымальніку Васілю Мацуганаву. Ужо не першы год повары падчас пасяўной і ўборачнай гатуюць абеды для КУСГП «Ульскі» і ААТ «Прыазёрны мір».
У СФГ «Раднік» і КУСГП «Мішневічы» ёсць уласныя сталоўкі. Адсюль таксама ў асноўным абеды адпраўляюцца ў поле. Але калі хто заходзіць у абедзенную залу, то абавязкова мые рукі з мылам ці апрацоўвае антысэптыкам. Здароўе і бяспека – перш за ўсё. На раздачы – повары ў пальчатках і масках, якія абараняюць дыхальныя шляхі.
Ёсць свая сталоўка і ў ААТ «Ляжні». У прыпар вясенне-летніх работ з года ў год за пліту становіцца мясцовы загадчык гаспадаркі Святлана Курносава. Калі ў мінулыя гады яна карміла толькі з дзясятак сваіх механізатараў, то сёлета прыбавіліся яшчэ столькі ж прыдзвінскіх.
– А што ў вас сёння на абед? – пытаемся ў повара разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Пусянковай.
– Расольнік, тушаная бульба з мясам, салат са свежых памідораў і кампот, – кажа Святлана Міхайлаўна. – Апетыт на полі ў мужчын адменны. І гэта зразумела – з раніцы да позняга вечара на трактары ці машыне. Стараюцца нашы хлопцы. І мы для іх таксама стараемся: меню разнастайнае. А каб абеды былі дзешавейшымі, у гаспадарцы прырэзалі бычка для сталовай. Зараз вось датушыцца бульба, і мая памочніца па кухні Ганна Козырава павязе абеды на палеткі ля Крывога Сяла, а потым пакормім і ляжнёўскіх механізатараў.
Згодна з калектыўнымі дагаворамі, зацверджанымі ў сельгасарганізацыях раёна, за абеды ў механізатараў вылічваюць не больш як 20% ад кошту.
«Герой працы»