Цудоўны жнівень падарыў нам магчымасць уволю паплаваць на натуральных вадаёмах, але не пуставаў у гэты час і басейн – тут актыўна трэніраваліся сталічныя спартсмены, а ў апошнія выхадныя на блакітных дарожках вызначалі мацнейшых плыўцоў прадстаўнікі працоўных калектываў раёна.
У асабістым заліку мужчыны і жанчыны плылі 50-метровую дыстанцыю вольным стылем, лепшая каманда вызначалася па выніках эстафеты 3 этапы па 25 метраў. Хоць да ўдзелу заявілася не так многа каманд, барацьба была цікавай, а паказаныя вынікі – дастойнымі. Не стала сенсацыяй “золата” дырэктара УП ЖКГ Андрэя Сідзюка, які праплыў спрынт за 32.88 секунды. Другую хуткасць прадэманстраваў прадстаўнік райаддзела ўнутраных спраў Ігар Долгі, ну а “бронзу” выйграў выкладчык Ільюшынскай школы Віктар Акулёнак – і гэты вынік хочацца адзначыць асабліва, бо паказаў яго самы ўзроставы ўдзельнік заплываў. Увогуле ж Віктар Іванавіч падае дастойны прыклад моладзі: знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме і ніколі не губляе бадзёрасці і аптымізму.
У жаночым заплыве таксама быў відавочны фаварыт: Сняжана Лагаш з каманды РАУС праплыла дыстанцыю за 37.25 – такі вынік дазволіў бы трапіць у прызёры нават сярод мужчын. Ну а “срэбра” і “бронзу” ва ўпартай барацьбе размеркавалі паміж сабой адпаведна Юлія Красілевіч з Ушацкай СШ і Вольга Чумакова са школы мастацтваў.
У эстафеце да лідараў каманды райаддзела міліцыі далучыўся малады плывец Андрэй Правада – тройка не мела слабых звёнаў і святкавала ўпэўненую перамогу. Другой прыплыла на фініш зборная школ раёна, трэцяе месца заваявала каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Усе прызёры былі адзначаны дыпломамі і медалямі фізкультурна-спартыўнага клуба, а памятныя прызы для пераможцаў падрыхтавала раённае аб’яднанне прафсаюзаў.