Свае чарговыя ўзнагароды за працоўныя поспехі на жніве атрымаў хлебароб ААТ “Княж” Шаркаўшчынскага раёну Віталій Якушаў. Ён адзіны малады камбайнер у раёне, хто сёлета намалаціў звыш тысячы тон зерня.
Павіншаваць, уручыць памятныя падарункі і грашовыя прэміі ў поле да Віталія прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Княж” Таццяна Бохан, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, член раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Алена Фромертас і першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Кавалеўская.
— Віталій сёлета ўпершыню працаваў на зернеўборачным камбайне “Палессе” КЗС-1218, — кажа Таццяна Іосіфаўна. — Тэхніка не новая, часта здараліся паломкі. У рамонце камбайна Віталію дапамагаў яго бацька Уладзімір Анатольевіч, які шмат год адпрацаваў у гаспадарцы механізатарам. Падчас корманарыхтоўкі Віталій быў задзейнічаны на адвозе зялёнай масы ў сянажныя траншэі. Перад пачаткам жніва маладому механізатару кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала перасесці за штурвал зернеўборачнага камбайна. На працягу ўсёй уборачнай кампаніі Віталій быў у лідарах сярод камбайнераў гаспадаркі і стаў лепшым маладым камбайнерам у Шаркаўшчынскім раёне. Усяго Віталій Якушаў адправіў у дзяржаўныя засекі 1012 тон зерня ў бункернай вазе.
Цяпер перадавы хлебароб перасеў за руль энерганасычанага трактара “Беларус” МТЗ-3022, каб рыхтаваць глебу пад сяўбу азімых зерневых культур. Поспехаў табе, Віталій, і далейшых высокіх працоўных дасягненняў!
Сяргей РАЙЧОНАК.