На малочнатаварнай ферме Непароты ААТ «Прыазёрны мір» Шумілінскага раённа прайшоў раённы конкурс «Лепшы па прафесіі» сярод тэхнікаў-асемянатараў па штучным асемяненні жывёлы, які правялі спецыялісты райплемстанцыі, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Конкурс складаўся з трох частак: практычнай (яна была пройдзена напярэдадні ў кожнай з гаспадарак раёна) і тэарэтычнай, дзе тэхнікі-асемянатары рашалі тэставыя заданні. Яны тычыліся тэмпературы захоўвання спермы, акушэрска-гінекалагічнай дыспансерызацыі, перыяду прыходу жывёлы ў ахвоту і многіх іншых тонкасцяў у рабоце.
У пакоі адпачынку фермы Непароты быў зроблены імправізаваны пункт па штучным асемяненні, дзе спецыялісты некаторых гаспадарак дзяліліся сваім вопытам у рабоце. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу ўлічваліся санітарны стан пунктаў штучнага асемянення, вынікі работы за мінулы год. Так, у ААТ «Ляжні» леташні выхад цялят на сто кароў склаў 72 галавы, ва УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» – 65 галоў, КУСГП «Мішневічы» – 63.
Па выніках усіх этапаў конкурсу першае месца было прысуджана Вераніцы Сіняковай з ААТ «Ляжні». Дарэчы, яна самы малады тэхнік-асемянатар у раёне. Усяго на два балы менш за Веранікі набраў тэхнік-асемянатар з УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» Аляксандр Карпушэнка. Трэцяе месца – у Сяргея Арцем’ева з КУСГП «Мішневічы». Пераможцы атрымалі граматы упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Таксама старшыня райкама Вольга Пусянкова ўручыла суцяшальныя прызы ўсім ўдзельнікам раённага конкурсу і, жадаючы ўсім поспехаў у рабоце, сказала: «Памятайце, колькасць малака, якую прынясуць каровы, залежыць перш за ўсё ад вас, а потым ужо ад даяркі. Спадзяемся на ваша старанне і адказнасць».